ЦЭНТР РАДЫЯЦЫ́ЙНАГА КАНТРО́ЛЮ І МАНІТО́РЫНГУ НАВАКО́ЛЬНАГА АСЯРО́ДДЗЯ рэспубліканскі.
Створаны ў Мінску ў 1980 як Цэнтр па вывучэнні і кантролі забруджвання прыроднага асяроддзя, з 1991 — Рэсп. цэнтр радыяцыйнага кантролю і маніторынгу прыроднага асяроддзя, з 2001 сучасная назва. Складаецца з аддзелаў: радыяцыйнага маніторынгу, навукова-практычных распрацовак і радыяцыйна-экалагічнай інфармацыі, радыяцыйна-аналітычнага, экалагічнага маніторынгу, аўтаматызаваных сістэм падтрымкі прыняцця рашэнняў, выяўлення і аналізу экстрэмальна высокага забруджвання прыроднага асяроддзя. Ажыццяўляе кантроль за радыяцыйным становішчам на Беларусі, распрацоўвае метады вымярэнняў радыяцыйна-хім. забруджвання, выконвае праектныя, навук. і доследныя работы адпаведна «Дзярж. праграмы Рэспублікі Беларусь па мінімізацыі і пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС», праводзіць назіранні за экалагічным станам атм. паветра, паверхневых вод і глебы. Забяспечвае дзярж. органы, установы і насельніцтва аператыўнай, рэжымнай і прагнастычнай інфармацыяй пра забруджванне навакольнага асяроддзя. Прымае ўдзел у распрацоўцы нарматыўна-прававой базы радыяцыйна-экалагічнага маніторынгу. Вынікі даследаванняў радыяцыйнага становішча і хім. забруджвання на Беларусі падаюцца ў выглядзе карт, штогадовых абагульненых матэрыялаў і бягучай інфармацыі.
М.Р.Гермянчук, В.М.Жукава.
т. 17, с. 166
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)